hurnievic


Падарожжа па Скандынавіі


Previous Entry Share Next Entry
"Трасковая вайна": як маленьская Ісландыя паставіла на месца Вялікабрытанію
hurnievic
war1

Прагматызм вучыць, што маленькія краіны бяссільныя перад вялікімі, а перад імперыямі, маўляў, яны ўвогуле нішто. Прыхільнікі палітычнага рэалізму кажуць, што абараніць свае інтарэсы ў спрэчцы з гігантамі маларэальна, таму лепш дастоўвацца да мацнейшых і будзе вам/нам шчасце. Тым ня менш, у гісторыі нямала выпадкаў, калі маленькія народы настойвалі на сваім перад абліччам суперімперый. Так было ў 1939 годзе, калі Фінляндыя абараніла сваю незалежнасць перад савецкай агрэсіяй. У 1967 годзе Ізраіль абараніўся перад аб’яднаным арабскім светам. Як бараніць свае нацыянальныя інтарэсы, у 1970-ыя гады магутнай Вялікабрытаніі паказалі дзве з нечым сотні тысяч жыхароў маленечкай Ісландыі.



У 1973 годзе Ісландыя ўвяла 50-мілевую марскую зону для рыбакоў. На гэтай адлегласці ад ісландскага ўзбярэжжа маглі рыбачыць толькі мясцовыя рыбакі. Некаторыя заходнееўрапейскія дзяржавы праігнаравалі рашэнне ўраду ў Рэк’явіку і працягвалі лавіць рыбу ў ісландскіх водах. Але вельмі хутка яны аб гэтым пашкадавалі.

Багатае рыбай ісландскае ўзбярэжжа прыцягвала рыбакоў з розных бакоў Еўропы ўжо ў 15 ст. На маленькую выспу, якая ў тыя часы не мела вялікіх караблёў і не мела чым рыбачыць, гэта ніяк не ўплывала. Але з часам рыбалоўства станавілася галоўным заняткам ісландцаў. Ахова свайго ўзбярэжжа стала сінонімам абароны нацыянальных інтарэсаў.

Перадгісторыя

Ад 17 ст. да сярэдзіны 20 ст. мяжу тэрытарыяльных водаў вызначаў Капенгаген (Ісландыя была аўтаномнай часткай Даніі). Пачынаючы з 19 ст. дацкія каралі пачалі звужаць гэтую мяжу, што, зразумела, абмяжоўвала магчымасць выключнай эксплутацыі рыбных мясцін тутэйшым насельніцтвам. Спачатку мяжу тэрытарыяльных водаў скарацілі з 32 да 24 марскіх міляў, затым да 16 міляў, а  напрыканцы 19 ст. - да 4 міляў.

У 1944 годзе, скарыстаўшыся слабасцю датчан, Ісландыя абвяшчае незалежнасць ад Капенгагену. Парламент краіны (дарэчы самы стары ў свеце), прыняў праграму эканамічнага адраджэння вострава. Пашырэнне мяжы тэрытарыяльных водаў стала адной з асноўных задач новай улады.

І не дзіўна. Менавіта развіццё рыбалоўства ў другой палове 19 ст. паспрыяла росту нараджальнасці на выспе. У адной са сваіх кніг ісландскі пісменнік Халдур Лакснэс пісаў: “Хто той Бог, ад каторага тут усё залежыць? – Гэта не Бог, гэта Рыба!”

У 1948 годзе Ісландыя пашырыла мяжу сваіх водаў да 4 марскіх міляў і забараніла рыбачыць чужым суднам ва ўсіх затоках і ф’ёрдах. Усе краіны прызналі гэтую мяжу, апрача Вялікабрытаніі, якая зацята бараніла сваіх рыбакоў.

Праз 10 гадоў Рэйк’явік у чарговы раз пашырыў мяжу, гэтым разам да 12 міляў. Мяжу ізноў прызналі ўсе, апрача Вялікабрытаніі. Рыбалоўныя судны каралеўства прыплывалі да берагоў Ісландыі ў суправаджэнні ваенных караблёў.

Гэта быў магутны ўдар па ісландскай рыбнай гаспадарцы. Трошкі лічбаў: у 1965 годзе ісландцы злавілі 760 тысяч тонаў селядца, а ў 1970 годзе – усяго 51 тысячу. На востраве пачаўся эканамічны крызіс.


crews180


Лепшая абарона - наступленне

31 жніўня 1971 года прэм’ер Алафур Ёхансан выступіў з радыёзваротам, заявіўшы, што мяжа тэрытарыяльных водаў павялічваецца да 50 міляў. Грамадскасць вострава сустрэла гэтыя словы эйфарыяй. Ісландцы вывешвалі ў вокнах нацыянальныя сцягі, на дэманстрацыях, якія нагадвалі адначэнне нацыянальных святаў, людзі патрабавалі ад урада “палітыкі без саступак”. Выступаючы ў парламенце, міністар замежных спраў Эйнар Агустсан заявіў: “Без рыбы Ісландыі не будзе”. Маленькая краіна кінула выклік магутнай Вялікабрытаніі. Пачалася так званая “трасковая вайна”.

З юрыдычнага пункту гледжання рацыя была на баку брытанцаў. Справа ў тым, што Міжнародны трыбунал справядлівасці ў Гаазе забараніў Ісландыі пашыраць мяжу сваіх водаў. Але Рэйк’явік цалкам праігнараваў гэтае рашэнне, парушыўшы, пры нагодзе, некалькі сваіх жа законаў.

Лондан выступіў з пратэстам і пачаў пагражаць байкотам ісландскіх тавараў. Наступствы гэтага для Ісландыі маглі быць вельмі балючыя, але ўрад у Рэйк’явіку паставіў усё на адну карту.

На наступны дзень пасля заявы ісландскага ўраду пра пашырэнне мяжы тэрытарыяльных водаў, у 50-мілевай зоне знаходзілася 120 чужых рыбалавецкіх суднаў: брытанскіх, нямецкіх, бельгійскіх і іншых. Праз некалькі дзён большасць замежных суднаў пакінулі тэрыторыю, якую Ісландыя абвесціла сваёй. Засталіся, як заўсёды, брытанцы.

Першапачаткова супрацьстаянне было вербальным. Заходнееўрапейскія СМІ цытавалі ісландскага міністра замежных спраў, які казаў, што яго краіна гатовая на канфлікт з партнёрамі па NATO. Гэтыя словы можна было б успрыняць як жарт. Ісландыя не мела войска і ніякай пагрозы для брытанцаў яна не ўяўляла.

Але ў ісландцаў быў мегааргумент, які ўрад Ёхансэнса не засумняваўся б задзейнічаць у выпадку неабходнасці – гэта вайсковая база NATO у Кефлавіку пад Рэйк’явікам. Яна мела стратэгічнае значэнне для альянсу і губляць яе ніхто не меў намеру. Апрача Ісландыі.

Ісландцы, тым часам, пачалі дзейнічаць. Ахова ўзбярэжжа перарэзвала братынскія рыбацкія сеткі. Мала таго, што гэта пазбаўляла рыбы, брытанцы неслі велізарны ўрон ад знічшэння дарагіх сецяў. Але спыніць  спыніць альбо нейтралізаваць ісландскія караблі Лондану не ўдавалася.

У Рэйк’явік зачасціла брытанская дзяржсакратар лэдзі Твідсмуір. Яна спрабавала дамовіцца аб квотах для брытанскіх рыбакоў. Двойчы ёй даводзілася вяртацца дадому з пустымі рукамі.

Cod War 29

Дзіўная "вайна"

У траўні 1973 года бакі паступова пачалі губляць цярпенне. Аднак узброеным супрацьстаянне гэта цяжка было назваць. Часам даходзіла да камічных выпадкаў. Адзін з іх апісвала ісландская прэса:

"Капітан ісландскага карабля "Aegir" Гудмундур К'ярнэстэд загадаў брытанскаму караблю "Everton" пакінуць 50-мілевую зону. Брытанскі капітан Джордж Масэл адмовіўся. Тады К'ярнэстэд папрасіў каманду брытанскага карабля выйсці на карму, паколькі ісландцы збіралася адкрыць агонь. Масэл выканаў просьбу, а "Aegir" зрабіў шэсць стрэлаў у "Everton". Затым Масэл звязаўся з К'ярнэстэдам і папрасіў на хвіліну спыніць агонь, каб паверыць пашкоджанні карабля. Калі капітан завершыў агляд, ісландцы ізноў пачалі абстрэл. Потым Гудмундур К'ярнэстэд выйшаў на сувязь з Масэлам і спытаў, ці не патрабуе ён дапамогі. Брытанскі капітан падзякаваў і супакоіў ісландца, што нічога сур'ёзнага не сталася. Акцыя завершылася".

Ісландыя не здавалася. Урад у чарговы раз заявіў пра намер абмеркаваць будучы статус базы NATO. Для альянсу яна мела ключавое значэнне: кантроль над савецкай авіяцыяй і флотам у рэгіёне, у прыватнасці базай у Мурманску.

Рэйк’явік працягваў шукаць саюзнікаў па ўсім свеце. Яе падтрымлівалі краіны, якія гэтаксама, як і яна, павялічылі мяжу водаў. У адказ на гэту актыўнасць брытанцы загаварылі пра высылку да берагоў вострава караблёў Royal Navy.

Ісландцам удалося павялічыць супярэчнасці унутры брытанскага кіраўніцтва. Не ўсе пагаджаліся на удзел каралеўскага флоту ў рыбалоўстве. Прысутнасць ваенных караблёў брытанскай дзяжавы ля межаў маленькай Ісландыі частка брытанскай эліты лічыла ганьбай.

Тым ня менш, 19 траўня брытанскія інфмарагенцтвы паведамілі, што караблі Royl Navy пад камандаваннем сэра Эдварда Клітана плывуць да берагоў Ісландыі.  Лондан не спяшаўся выступаць з афіцыйнай заявай, Рэк’явік зрабіў выгляд, што нічога не ведае. І слушна. Гэты быў чысцейшы блеф. Аднак ісландскі ўрад вырашыў выкарыстаць яго на сваю карысць і заявіў, што “краіна NATO напала на свайго саюзніка”.

2

Дыпламатыя ў дзеянні

Міністр рыбалоўства Ісландыі Людвік Ёсэфсан накіраўвася з візітам у сеседнія краіны з намерам здабыць кананерскія лодкі. Прагучалі публічныя заявы, што караблі будуць абсталяваныя зброяй, а камнады навучацца карыстацца слёзацечным газам. Караблі павінны былі атрымаць смярдзючую вадкасць, эфект ад якой не знікаў некалькі дзён. Але нічога такога не адбылося. Гэта ізноў быў спрытны PR ісландцаў.

31 траўня Лондан афіцыйна прыняў рашэнне выслаць да берагоў Ісландыі ваенныя караблі. Рэйк’явік не разгубіўся. З Лондана быў адкліканы ісландскі пасол, а брытанскім самалётам было забаронена прызямляцца на базе NATO.

Прымірыць бакі паспрабавала Нарвегія. У Осла жадалі арганізаваць перамовы паміж Лонданам і Рэйк’явікам, але прэм’ер Ёханэсан заявіў, што пакуль брытанскія караблі знаходзяцца на ісландскіх водах, пра ніякія перамовы не можа быць і гаворкі. Урад Ісландыі выслаў з краіны брытанскана дыпламата, які ладзіў прэс-канферэнцыі ў сядзібе брытанскай амбасады. Яго абвінавацілі ў шпіянажы. Каля пасольства ісландцы арганізавалі мітынг. Эмоцыі кіпелі. Быў знішчаны сад дыппрадстаўніцтва і выбіты вокны.

У гэтым жа годзе ў Ісландыі адбывалася сустрэча Ніксана з Пампіду. На ўсіх сустрэчах, пачынаючы ад прэзідэнта Ісландыі да экспертаў, кожны жыхар выспы не прамінуў магчымасці ўзгадаць у размове пра ісландскія інтарэсы.

12 жніўня карабель “Aegir” паставіў сабе задачу – арыштаваць брынтанскі траўлер „Lord ST. Vincent”. Ён з’явіўся ў зоне 12 міляў ад берага, якую Лондан даўно афіцыйна прызнаў. „Lord ST. Vincent” ахоўвалі караблі каралеўскага флота. Але ісландцы заслужылі медаль за адвагу. Капітан ісландскага судна гнаў брытанцаў цэлыя 19 гадзін, за 150 міляў ад ісландскага ўзбярэжжа. Royal Navy неаднаразова папярэджвала капітана ісландскага судна, што яго карабель можа мець непрыемнасці, але ісландзец не звяртаў увагі на пагрозы.

Праз пару тыдняў на моры здарылася трагедыя. Падчас тарану брытанцамі судна “Aegir” хваля забрала ў мора механіка Хальдура Хальфрэдсана.

Тым ня менш, “вайна” была дзіўнай. У ісландскія парты працягвалі прыбываць брытанскія караблі з хворымі маракамі на борце, якіх пазней лячылі ісландскія лекары. Пілоты “шпіёнскіх” самалётаў міла размаўлялі з працаўнікамі кантрольнай авіявежы ў Рэйк’явіку. Але на перамовы з брытанцамі ісландскі ўрад не пагаджаўся. Умова была адна – Лондан павінен адклікаць свае караблі з ісландскіх водаў, якія ўрад у 1974 годзе збіраўся павялічыць да 200 міляў.

fishing-village

Карта ў ісландскім рукаве

У верасні 1973 года ўрад Ісландыі пачаў палохаць Лондан, што сарве дыпламатычныя адносіны з Вялікабрытаніяй. Ісландскі прэм’ер грукаў кулаком па стале і дамагаўся адклікання прадстаўніка сваёй краіны са штаб-кватэры NATO і спынення адносінаў. Умова была простая – як толькі брытанцы дакрануцца да ісландскага карабля, Рэйк’явік пачынае дыпламатычнае наступленне. 11 верасня адпаведная нота была ўручаная брытнацам, але яны адмовіліся яе прымаць. Дыпламатычная вайна і напружанасць працягваліся некалькі тыдняў, пакуль брытанскі прэм’ер не ўступіў: ён адклікаў караблік Royal Navy.

Няпэўная сітуацыя трывала два наступныя гады. 15 кастрычніка 1975 года Ісландыя абвесціла, што пашырае сваю зону да 200 міляў. У адказ Вялікабрытанія выйшла з сустрэчнай прапановай -  яна паабяцала прытрымлівацца квотаў у 110 тысяч тонаў. Ісландцы гэтую прапанову адхілілі і прапанавалі сваю квоту - 65 тысяч. Брытнаскія караблі гэтую прапанову нібыта не заўваюць і выходзяць на рыбалку. Увесь лістапад і снежань ісландцы псуюць ім сеткі. Міністар замежных справаў Агустсон робіць ход канём і заяўляе, што Ісландыя выходзіць са складу NATO і забараняе самалётам RAF лятаць над востравам.

Тысячы людзей акружылі базу альянсу у Кефлавіку. Усе дарогі да базы і казармаў былі заблакаваныя. Людзі патрабавалі, каб амерыканцы пакінулі базу. Менавіта на амерыканцаў пратэстоўцы ускладалі віну за тое, што прысутнасць брытанскіхк караблёў у 200-мілевай зоне засталася незаўважанай NATO.

Гэтае салодае слова - перамога

30 мая Вялікабрытанія пачала нарэшце адклікаць свае караблі з 200-мілевай зоны. Гэта дазволіла абодвум бакам на другі дзень сесці за стол перамоваў. Сустрэча міністраў замежных справаў Агустсона і Кросланда адбывалася ў Осла. Бакі прыйшлі да згоды: Ісландыя дазвалля 24 брытанскім траўлерам да канца года злавіць 30 тысяч тонаў рыбы ў 20-мілевай зоне.

На першы погляд гэтая дамоўленасць выглядае як частковая капітуляцыя Ісландыі. Аднак у гісторыі яна засталася, як перамога маленькай выспы над брытанскай імперыяй. І вось чаму. Справа ў тым, што на момант падпісання дамовы ў Осла было вядома, што ад 1 студзеня 1977 года ўсе краіны Еўрапейскай эканамічнай супольнасці ўводзяць 200-мілевую зону на сваіх водах. То бок ісландскі ўрад, падпісваючы дамову ў Осла, ведаў, што гэта апошняя сустрэча з брытанскім бокам па пытанні “трасковых войнаў”.  2 снежня 1976 года апошнія брытанскія караблі пакінулі воды Ісландыі.

Гэта быў трыюмф вострава. У рыбацкіх вёсках адбываліся гучныя святкаванні. Некалькі гадоў ісландцы толькі і жылі барацьбой з брытанцамі. Вывад караблёў яны лічылі поўнай перамогай.

А брытанскія рыбакі пацярпелі поўную паразу. Яны дамагаліся ад свайго ураду кампенсацыі. Кампраміс з Ісландыяй пазбавіў працы 7,5 тысяч чалавек.

Ісландыя не проста перамагла ў “трасковай вайне” з Вялікабрытаніяй. Іншыя еўрапейскія краіны пайшлі па яе слядах і таксама пашырылі свае тэрытарыяльныя воды да 200 міляў. Перамога Ісландыі паказала моцным гульцам, што маленькія краіны, выкарыстоўваючы геапалітычнае значэнне і спрытную дыпламатыю, могуць паставіць на калені магутныя імперыі і дыктаваць ім свае ўмовы.

ДГ

?

Log in

No account? Create an account